?

Log in

No account? Create an account
Recent Entries Friends Archive Profile Tags Вершы ад А.
 
 
 
 
 
 
Выйшла кніга "За мостом моего детства", дзе ёсць і мой нарыс -- "Самый красивый космос -- в Лунинце" ("Літаратура і Мастацтва", укладаньне Людмілы Рублеўскай).
Прапаную арыгінал.


НАЙПРЫГАЖЭЙШЫ КОСМАС – У ЛУНІНЦЫ


Вера і “вяргіні”

Хата, што прыняла мяне пасьля народзінаў, стаіць на Гагарына, 126. Калі б гэта адбылося раней, я нарадзілася б на вуліцы Царкоўнай. Зразумела, што на ёй узвышаецца царква – Крыжаўзвіжанская. Чырвоная, са срэбнымі купаламі. Можа, таму ў маім маленстве было так шмат чырвоных вяргіняў. Пыталася ў бабулі Надзеі:
-- Чаму вяргіня так называецца?
-- Гэта, -- казала бабуля,-- ад таго, што “вера гіне”.
-- А чаму ж ты заўсёды толькі вяргіні саджаеш, столькі ж іншых кветак прыгожых?
-- Каб вера не загінула.



Горад, які лунае
Лунінец – горад, які лунае. Горад не прыземлены ні паводле назвы, ні паводле адчуваньняў. Гэта не мяняецца ні калі націск ставіш “няправільна” – “па-лунінецку” – на першы склад. Ні калі націск на месцы, зафіксаваным слоўнікамі і энцыклапедыямі, -- на апошнефранцузскім. На Прывакзальнай плошчы ў Лунінцы помнік у гонар асваеньня Космасу -- жанчына з працягнутай да неба рукою, а ў ёй – шар з прамянямі, пафарбаваныя ў срэбны колер. У маленстве я вельмі здзіўлялася, чаму ў руцэ ня серп альбо молат і што гэта за фантастычна-срэбная работніца альбо сялянка. А пасьля зразумела, што нічога дзіўнага няма – у Лунінцы хочацца лётаць. І кветкі касьмеі (навуковая назва -- космас) – найпрыгажэйшыя ў Лунінцы.




1977 Вялікдзень. З сястрою Алёнай.


Крыжа-Ўзьвіжанская царква.

Паміж шаптухай і варажбіткай

Маленства – гэта час, калі ты верыш у Сьнягурак і Дзедаў Марозаў, у фей і чараўніц. Верыш, што яны заўжды дапамогуць табе. Асабліва, калі яны жывуць у Лунінцы, асабліва, калі яны твае суседкі.
Сакавік. Дровы. Знойдзеная і пакладзеная ў кішэню паліто мёртвая пчала. Цуд – і яна ажывае. І цуд – кусае цябе за палец. Але ж на двары ёсць яшчэ адзін цуд – глыбокі калодзеж з жураўлём, які не злятае на зіму. Каб было лягчэй, я ўвесь час акунаю руку ў сцюдзёную ваду. Боль сціхае, рука ўсё больш і больш чырванее, становіцца пухленькай і прыгожай. Бацькі спачатку не нарадуюцца – а то ж дасталося ім вечна худое дзіця. Але ж апынаецца – у мяне рожа. Хвароба не для нашай медыцыны. Але ж ёсьць суседка баба Марына – шаптуха—і мяне вядуць да яе. Усё, як у казцы, -- без пігулак і ўпырскаў цераз тры дні рожы няма. І я бегаю і выглядваю, хто пайшоў да другой суседкі -- варажбіткі Надзеі. Хто захацеў абнадзеіцца, у каго праблемы ў жыцьці. А ў мяне іх яшчэ няма, а калі яны зьявіліся – ня стала варажбіткі Надзеі.



2011 Калодзеж, у якім калісьці была найлепшая вада на вуліцы майго маленства

Штогадовае вясельле

Лунінец – гэта горад, у якім зямля штогод выходзіць замуж за нябёсы. А вэлюм у яе – з кветак трускалак. Вясельле гэтае тым вылучаецца ад астатніх вясельляў, што на ім нікога не частуюць. І толькі пасьля мядовага месяца госьці-лунінчане і госьці-турысты могуць частавацца чырвоным пачастункам на зялёных сподачках. І ня проста частавацца, а набраць з сабою, каб наварыць сочыва, кампотаў, намарозіць на доўгую зіму з маразамі.
А пасьля вясельля і пачастункаў пачынаецца цяжкае сямейнае жыцьцё, якое трэба праполваць і праполваць. Але ж ты ведаеш, што хутка зноў вясельле і пачастункі.


Продкі гэтай трускалкі жылі на Гагарына, 126, а яна нарадзілася і вырасла на знакамітай Лысай Гары

Роза

У Лунінцы жыла найпрыгажэйшая карова, якую я толькі бачыла. Яна была каралевай статку, заўсёды ідучы наперадзе, як быццам асобна. Яна нават не ішла, яна сябе несла. Ад яе велічнасьці часам бывала ніякавата. Здавалася, што яна з нейкай легенды, падання. Да яе было страшна падысьці, а не падысьці было немагчыма, бо сінява яе вачэй нагадвала глыбокія азёры Беларусі, а плаваць я ня ўмела. Як метраном адбіваў такт яе хвост, адганяючы ненажэрных мух і аваднёў.
Я вучылася лічыць паводле колцаў на ейных рогах і паступова дайшла да 15. У яе было найсмачнейшае малако, якое я калі-небудзь піла, і бабуля ніколі не здавала яго ў калгас, казала: “Хай лепш людзі добрыя вып’юць”, і ахвотных заўсёды было шмат. Сырадой і сыракваша, сьмятана і масла, тварог і сыр мелі непаўторны водар траваў Прыпяці зь нічым невытлумачальным адценьнем шыпшыны.
Яна, відаць, яшчэ як толькі нарадзілася, нагадвала будучую каралеву, і яе назвалі Розай, бо ўсіх астатніх кароў бабуля называла Лыска, Зорка, Цеба…
Радок Андрэя Вазнясенскага “Роза черная коровьего навоза” таксама быў пра яе. Першы раз, калі я ўбачыла іх, маці кажа, у мяне толькі і вырвалася “О-о-о!!!” І я з гордасьцю думала: “У нашай Розы найвялікшыя і найпрыгажэйжыя”. Іх немагчыма было зблытаць. Там, дзе яна прайшла, заставаліся сляды незвычайных руж.
Я пыталася ў маці, чаму не засталося ейнага фотаздымку, і маці, як пра чалавека сказала: “Яна не любіла фатаграфавацца”.
Калі б яна жыла ў Індыі, ёй бы абавязкова паставілі помнік, але ў маёй памяці яна і так як помнік маленству, прыгажосьці, дачарнобыльскаму Палессю.


2011 За гэтымі дзьвярыма жыла Роза


Кім любуецца Касіяпея

Для найпрыгажэйшай каровы неабходна найдухмянейшае сена. І, канешне ж, яно было. Дзялянкі вылучаліся каля Прыпяці. Калі дзед Мікола з бацькам касілі, для мяне быў суцэльны адпачынак – пошукі трускалак, гарлачыкаў, у якія можна было пакласьці салодкія ягадкі, як у місачкі, канцэрты конікаў, гульня ў дурня пад дурман сенакосу. А зграбаць, як падрасла, даводзілася і мне. З Прыпяцьцю і сенам зьвязаны мой першы заробак – 15 рублёў, на які я набыла для маці ў падарунак перламутравы, як прыпяцкія жамчужніцы, сервіз. Сервіз быў паступова разьбіты на шчасьце ў 90-я гады 20 стагодзьдзя. Кароў ня стала сілаў трымаць ня толькі ў дзеда з бабаю, але і ў большасьці лунінчан. Зьнікла велізарная колькасьць лунінецкіх стажкоў і стагоў, над якімі так утульна было Стажарам. Касіяпея ўжо зрэдку любуецца тымі, хто косіць. А ў Малога і Вялікага Вазоў застаецца зорная мара – перавозіць прыпяцкае сена.


Два ў адным

Як толькі прыйшоў час ісьці ў школу, жыцьцё маё падзялілася на 2 часткі: школа-Мінск і вакацыі-Лунінец. Хто ня марыць пра вакацыі, а тым болей пра вакацыі ў вёсцы. Вёскай быў для мяне Лунінец – уласная хата дзеда і бабы з падворкам, гародам, садам, хлявамі і курнікам. Ох, як крыўдавалі лунінецкія сяброўкі, калі я казала, што Лунінец – вёска. А я ж шчыра была ўпэўненая – цудоўная любімая вёска. У маім маленстве нават асфальту на вуліцы перад хатай не было. Ды і самі сяброўкі жылі ў прыватных дамках і хадзілі гуляць у горад – на вакзал. Так атрымлівалася два ў адным – вёска і горад у адным Лунінцы. У “горадзе” можна было набыць марозіва ў папяровым стаканчыку з драўлянай палачкай (і цяпер ніякая яркая абгортка ня вартая для мяне таго стылю мінімалізму). А ў “вёсцы” можна было дадаць да яго трускалак альбо вішняў. Галоўнае -- дабегчы, пакуль марозіва не растала. І стаканчыкі трэба было спаліць на шчасьце. Посуд альбо б’ецца на шчасьце альбо гарыць. Ну, немагчыма з’есьці вафельны стаканчык на шчасьце!

Шлях ад белага да сонечнага

Злавіла сябе на думцы, што ў Лунінцы на градах у нас ніколі не расьлі кабачкі. Маё маленства прайшло з гарбузамі, напоўненымі сонцам і семкамі. І кабачкі ж напоўненыя сонцам і семкамі. Але сонца ў іх залішне выцягваецца, а семкі ніхто ня лускае…
Апрача белых семак Лунінец для мяне – белыя, альбо сонечныя, бліны, якія макаеш у смажанае сала, якое таксама прайшло шлях ад белага да сонечнага. Як нешта казачнае з маленства – патэльня, у якой смажылася сала, на прыпечку, і ў ёй – мышаня (хацела напісаць маленькае, шэрае, але якое яшчэ можа быць мышаня). І яшчэ ў кладоўцы – бочка, у якой жоўтае сала і соль, соль, соль… Ежа не для маленства, а для ўспамінаў.


Калодзеж, зь якога піла ваду суседка-варажбітка.

Кошыкавы Сусьвет

Доўгімі зімовымі вечарамі мой дзед Мікалай ствараў з лазы кошыкі. А ў хаце паступова ствараўся кошыкавы Сусьвет. У кошыку добра і ляльцы, і бульбіне, і трускалкам, і грыбам. Цяжка ўявіць Лунінец без кошыкаў, маленькіх і вялікіх, з накрыўкамі і без. Кошык можна ўзяць у дарогу, а можна даць у дарогу. Кошык – ня торба. Немагчыма несьці на сабе 5 кошыкаў. Толькі два – для раўнавагі: з яйкамі і з салам альбо з цыбуляю і памідорамі. Галоўнае – не забыцца пакласьці на дно пляшачку (ад гэтага кошыкі цяжэйшымі не становяцца).


1937 Дзед Мікола зь сястрою і ейным мужам


2010 Альжбэта(2,5 гады) з кошыкам прадзеда

Канава

Жывём з малодшай сястрою ў бабулі і дзядулі ў Лунінцы. Побач ні рэчкі, ні возера (Прыпяць усё ж такі за 15 км). Толькі бясконцая колькасць канаваў. Бацька адпачывае ў Гаграх. Неяк сястра летуценна кажа: “Паеду да бацькі на мора”, але трошкі падумаўшы дадае: “Не, лепей я пайду з дзедам на канаву”. Гэта і сталася нашым зь ёю жыцьцёвым паролем на ўсё жыцьцё. Які магчыма і немагчыма зразумець...


2005. На канаве, якая лепей за мора.


Калі існуе толькі рай

А недалёка ад нашай хаты было Срай-балота. І балота там не было – адна назва. І ня з раю, як мне спачатку падавалася, яно было... А можа, гэта я цяпер памыляюся, як і астатнія, можа, усё ж такі рай...


Застаецца Надзея. І не адна

У маёй прабабкі была дачка Надзея. Пасьля прабабка нарадзіла тройню і назвала дзяўчынак – Вера, Надзея, Любоў. Вера і Любоў памерлі маленькімі. Засталося дзьве Надзеі. Мне падаецца, што і Лунінец – горад надзейны. Ён не выкідае цябе ў адкрыты космас, але чакае ў ім.


2010 Восеньскі ранак у Лунінцы
 
 
 
 
 
 
ух, супер!
лепота! )
Так і ёсьць!
Дзякуй! Як прыгожа...